Дзень роднай мовы

20.02.2024
У рамках Тыдня гуманітарных  навук да Міжнароднага дня роднай мовы была арганізавана і праведзена квэст-гульня "Не проста ў словы я гуляю". Вядучыя- Васілінка і Лянок, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, прывіталі ўдзельнікаў квэста, выказалі словы падзякі тым, хто любіць, вывучае і шануе родную мову- духоўны скарб нашых продкаў.
Вучні 5-7 класаў, удзельнікі каманд : "Васількі", "Каласкі" і "Дзьмухаўцы", - падрыхтавалі выразнае чытанне паэтычных радкоў, прысвечаных роднай мове. Затым капітаны каманд атрымалі "Маршрутныя лісты"- і гульня пачалася! Неабходна было прайсці пяць прыпынкаў: "Моваведы", "Перакладчыкі", "Літаратурны", "Бабулін куфэрак", "З рога ўсяго многа".Усім хацелася выявіць свае веды па роднай мове, з гонарам пераадолець выпрабаванні, атрымаць максімальныя балы за адказы. Камандны дух, азарт, зацікаўленасць, жаданне перамагчы захапілі ўдзельнікаў квэста.
Каманды "Дзьмухаўцы"і "Васількі" сталі пераможцамі, атрымаўшы па 72,5 балаў. На 2-м месцы аказалася каманда "Каласкі" (69,5 балаў).
Пасля падвядзення вынікаў  прагучалі шчырыя пажаданні настаўніка беларускай мовы і літаратуры Яцэвіч Т.В. не цурацца сваёй роднай, матчынай, мовы, а берагчы і ўзбагачаць яе. Пакуль жыве мова, жыве народ! Пад акампанемент гітары вучаніцы 11 класа Барчук А. і Савеня А. выканалі музычную імпрэзу "Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой..."
У кожнага ўдзельніка  мерапрыемства застаўся добры настрой і жаданне ведаць родную мову як мага лепш!