"Измеряя память" (экскурсия учащихся в урочище Гореваха)

21.09.2022

У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы Гараваха праводзіліся масавыя растрэлы мірных жыхароў і вязняў Слуцкага гета. Больш чым для 8 тысяч чалавек урочышча стала магілай. Пакаранні смерцю пачаліся ўжо летам 1941 года. Першымі ахвярамі былі слуцкія падпольшчыкі і тыя жыхары, якіх фашысцкія акупанты западозрылі ў сувязі з партызанамі.

Паводле дакладных сведчанняў вядома, што ў канцы лета 1941 года ў Слуцку фашысты стварылі першае гета. Яно падзялялася на дзве часткі: у адной жылі старыя, дзеці і непрацаздольныя мужчыны і жанчыны, у другой – тыя, хто мог працаваць. Утрымліваць гета з непрацаздольнымі ў намер фашыстаў не ўваходзіла, таму на пачатку кастрычніка захопнікі пачалі знішчаць людзей. Невялікімі групамі ахвяр вывозілі за горад – быццам на збор бульбы. Ва ўрочышчы з жыхароў здымалі ўсе каштоўныя рэчы, а затым расстрэльвалі і звальвалі трупы ў агульную магілу. У той дзень за раз было забіта 500 чалавек.

У красавіку 1942 года сотні непрацаздольных вязняў зноў былі вывезены на растрэл у Гараваху. Савецкія палонныя салдаты капалі велізарныя ямы, да якіх немцы падводзілі па 20-25 чалавек, а ў 50 метрах ад ірвоў прымушалі іх распранацца, забіралі дакументы, грошы, золата, а пасля карная каманда забівала людзей і ішла піць каву… У гэты час палонныя зямлёй прысыпалі забітых, каб потым у яму магла легчы наступная група людзей.

У кнізе “Памяць” – гісторыка-дакументальнай хроніцы Слуцкага раёна – пазначана, што падчас праведзенага ў верасні 1944 года раследавання было абследавана 7 магіл, кожная памерам ад 40 да 50 метраў даўжынёю і каля 3-6 метраў шырынёю, дзе былі расстраляны 8712 чалавек. Сярод іх не меней 2000 дзяцей.

Напэўна таму, людзі, наведваючы Гараваху, гавораць аб непераадольным пачуцці страху і болю.