"Чарнобыль - боль, які спальвае сэрца"

23.04.2016

22 красавіка,  напярэдадні  30-годдзя  з  дня  жудаснай  катастрофы – аварыі  на  Чарнобыльскай  АЭС, вучні 5 – 11 класаў разам  з  настаўнікам   беларускай мовы і літаратуры  Яцэвіч Т.В. і бібліятэкарам  Уласавец  М.М.  правялі  пазакласнае  мерапрыемства – рэквіем “ Чарнобыль – боль , які спальвае сэрца”.

Тэматычныя  газеты “Чернобыль – боль   моего  сердца”, “Белая Русь  пад  чорнымі  крыламі”, выстава  літаратурных  твораў са школьнай  бібліятэкі пра Чарнобыль,  рэпрадукцыі  карцін М.Савіцкага, відэафільм “Палескі  смутак”, чытанне  ўрыўкаў  з  празаічных  і літаратурных твораў, успаміны  людзей, якія  аказаліся  выгнанцамі-навасёламі – ўсё  гэта  спрыяла   эмацыянальнаму  ўспрыманню   прысутнымі  трагічнасці  катастрофы на ЧАЭС,  разуменню  адказнасці  кожнага  за  лёс  Айчыны, выхаванню  экалагічнай  дасведчанасці, грамадзянскай  актыўнасці.

То  войны  сеюць  боль  і зло,

То  ветру  чорнае  крыло…

То – страх, то – жах,

То – прах, то – тло!...

Тут да  вайны  жыло  сяло,

Тут  да Чарнобыля  жыло…

Вучні   чыталі  пранікнёныя  словы – ўспаміны былых жыхароў  забруджанай  тэрыторыі,  адчувалі  іх   боль, смутак, жаль, які  спапяляе  сэрца

Пакут  зямных   упалі  слёзы

У горкім  одуме  на  шлях.

Вартуюць  зболена  бярозы

Журбу  астатнюю  ў  палях.

-                     Ці вылечыцца  наша  зямля  ад  радыяцыі, ці  забудзе, якія  здзекі  прыйшлося  ёй  перажыць  ад  гэтай  Чарнобыльскай   катастрофы?

Ніхто  не  зможа  адказаць  на  гэтае  пытанне. 

Няўжо  і праўда   новы  герадот

У  нейкай  новай, іншай, эры

Выводзіць   будзе  на  паперы:

“Тут  беларускі  жыў  народ…”

Няўжо  і  праўда  мой унук

Не  будзе  піць   салодкіх  траўняў?

О, як  мне  хочацца, каб  праўнук,

Звінеў  над  небам, як жаўрук!

Прысутныя   на  мерапрыемстве  хвілінай  маўчання  ўшанавалі  памяць  усіх  тых,  хто   загінуў, усіх  тых, хто  хацеў  любіць, працаваць, жыць  для  Будучыні, але  адышоў  ад  нас не па  сваёй  волі.

І сёння, праз 30  гадоў, Чарнобыльская  катастрофа  не  перастае   апякаць  нашы  сэрцы, яна  вярэдзіць  нашу  памяць   успамінамі  пра  нечуваную бяду, што  раптоўна  абрынулася на  славянскія  землі  і на  ўсю  планету.

Былі  і будуць  цяжкасці, напасці,

Мы перад  вечным  часам – каласы.

Знявага, чэрствасць, звады і няшчасці

Хай  не  заб’юць  жыццё  красы.